
фота мае ілюстрацыйны характар
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало Нацыянальнаму агенцтву па пытаннях прадухілення карупцыі Украіны спіс асоб і арганізацый рэжыму Лукашэнкі, якія актыўна падтрымліваюць расейскую агрэсію супраць Украіны. На гэтых людзей і арганізацыі Украіна можа накласці нацыянальныя санкцыі, адзначае прэс-служба НАУ.
Пералік кандыдатаў на ўключэнне ў санкцыйны спіс Украіны 15 жніўня размешчаны на спецыялізаваным партале “Вайна і санкцыі”.
Украінскае ведамства накіравала атрыманы спіс у Службу бяспекі Украіны, Міністэрства замежных спраў Украіны і офіс генпракурора Украіны для далейшага вывучэння і прыняцця рашэння пра накладанне санкцый.
Паведамляецца, што ў спіс увайшлі 15 прапагандыстаў і 24 суддзі, якія выносілі прысуды беларусам за падтрымку Украіны і выступы супраць расейскай агрэсіі.
“Акрамя гэтага, спісы кандыдатаў папоўняць і іншыя асобы і арганізацыі, звязаныя з так званай саюзнай дзяржавай Беларусі і Расеі, у тым ліку датычныя да прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, яго члены, а таксама тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў паведамленні НАУ.
Еўрарадыё
