
Пра тое, што Анджэю Пачобуту змянілі ўмовы ўтрымання, паведаміла ягоная жонка Аксана Пачобут у сацсетках.

У памяшканні камернага тыпу Андрэй Пачобут правядзе найбліжэйшыя 6 месяцаў, практычна ўсю восень і зіму. Такое пакаранне яму прызначылі «за адмову ад працы, якую нельга выканаць».
«Фельчарка адмовілася падпісаць даведку, што ён паводле стану здароўя можа знаходзіцца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш дасведчаны медык — доктар-тэрапеўт і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ».
Цяпер пры вымярэнні ціску Пачобуту наўмысна не паказваюць лічбаў, якія фіксуюць прыборы.
Раней палітвязня звінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.
Працэс у Гарадзенскім абласным судзе у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым бягучага году журналісту і актывісту польскай нацыянальнай меншасці прысудзілі 8 гадоў калоніі.
Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. І пакінуў прысуд Пачобуту без змена, а скаргу — без задавальнення.
