
Журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка падаў апеляцыйную скаргу на свой прысуд.
Цяпер Вярхоўны суд будзе разглядаць ці законна журналісту прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў справе, якая, паводле праваабаронцаў, „шытая белымі ніткамі”.
На сёння Паўла Мажэйку ўтрымліваюць ў следчым ізалятары пры гарадзенскай турме № 1.
Нагадаем, 26 ліпеня Гарадзенскі абласны суд абвесціў карны прысуд журналісту і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку і былой адвакатцы Юліі Юргілевіч. Максім Філатаў прысудзіў Паўлу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юліі — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запрасіў пракурор Дзмітрый Сініла.
Паўла і Юлію звінавацілі ў нібыта перадачы звестак тэлеканалу „Белсат” у лютым–сакавіку 2022 года, што расцанілі як „спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці”. У справе няма ніякіх прамых доказаў віны, а такія жорсткія тэрміны былі прысуджаныя на падставе двух званкоў па тэлефоне.
