У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі галоўная задача — “захаваць бяспеку нашай дзяржавы”, заявіла міністарка ўнутраных спраў Летувы Агне Білатайтэ, калі ў яе спыталі, ці перастане Вільня пускаць беларусаў, што ўцякаюць ад рэжыму, пасля поўнага закрыцця межаў. Інтэрв’ю публікуе LTR.

“І цяпер у нас такая сітуацыя, што калі Міністэрства замежных спраў выступае пасярэднікам у дачыненні да пэўных асоб, гэтыя асобы дапускаюцца. Так званы гуманітарны калідор існуе”, — сказала яна. Але з пункту гледжання новага геапалітычнага кантэксту і сітуацыі з бяспекай летувіскія ўлады, з яе слоў, “мусяць заняць пазіцыю, каб у першую чаргу захаваць бяспеку нашай дзяржавы”.

Пры гэтым яна адзначыла, што людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе і абароне ад рэжыму Лукашэнкі, “мусяць атрымаць гэтую дапамогу і атрымліваюць яе ў Летуве”. Але сітуацыя мяняецца, больш становіцца пагроз, і ў летувіскім МУС лічаць, што “спробы пранікнуць, перасякаючы нашу мяжу, могуць быць рознымі”.

“Улічваючы гэты новы кантэкст, мы павінны адэкватна ацэньваць сітуацыю”, — яшчэ раз паўтарыла Білатайтэ. Нагадаем, сёння Летува закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. А 28 жніўня ў Варшаве адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў Польшчы, Летувы, Латвіі, дзе будзе разглядацца пытанне пра поўнае закрыццё межаў з Беларуссю.

Еўрарадыё