Вольга Куляка

Дзяржаўныя прапагандысты амаль з усіх раёнаў Гарадзеншчыны навыперадкі ўсхваляюць інтэрв’ю Лукашэнкі былой украінскай, а цяпер расейскай журналістцы Панчанцы.

Адной з сама актыўных стала галоўны спецыяліст (па чым спецыяліст – невядома) Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Куляка. Яна ў захапленні ад слоў Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і ўхваляе ўсе яго тэзісы. Пры тым Куляка ў каментары раённай газеце “Полымя” паўтарае галоўныя наратывы расейскай дзяржаўнай прапаганды:

“Народ Украіны, дзе яшчэ не загаіліся раны Вялікай Айчыннай вайны, не хоча вайны. Нацыяналістычна настроеныя ўкраінцы ўжо загінулі, а ў акопах знаходзяцца звычайныя людзі, якія хочуць мірнага жыцця, імкнуцца вярнуцца дадому да сваіх сем’яў”.

“Расія даўно гатова да перагавораў, але Украіна не можа прыняць такога рашэння самастойна, яна чакае ўказкі ад ЗША”.

Таксама Куляка, як і Лукашэнка не сумняваецца ў поспеху ваеннай агрэсіі Расеі:

“Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз падкрэсліў: трэба сесці за стол перагавораў як мага хутчэй, інакш Украіны як самастойнай дзяржавы проста не застанецца. Ён прадказвае перамогу Расіі ў спецыяльнай ваеннай аперацыі”. 

Трэба меркаваць, што неўзабаве Вольгу Куляку пасля такой глыбокай аналітыкі чакае якая-небудзь узнагарода ці нават падвышэнне па службовай лесвіцы.

Не адстала ад Кулякі і першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ Кацярына Хілімончык:

“Наш Прэзідэнт мудры і дальнабачны лідар. Амаль кожнае яго выказванне падмацавана якім-небудзь палітычным прыкладам ці жыццёвым вопытам”. 

“Толькі сляпы можа не заўважыць, што сёння інтарэсы Заходніх дзяржаваў і ЗША знаходзяцца не на баку Украіны. Яна і яе народ – проста інструмент у руках нядобрасумленных палітыкаў, які яны выкарыстоўваюць супраць Расіі”.

Кацярына Хілімончык