фота ілюстрацыйнае

Савет Міністраў распарадзіўся стварыць па ўсёй краіне «дружалюбныя пакоі» для допыту дзяцей да 16 гадоў, вынікае з пастановы №539 ад 17 жніўня 2023 года.

«Аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму забяспечыць да 1 студзеня 2025 года стварэнне ў кожным раёне, горадзе абласнога падпарадкавання не менш за адзін дружалюбны да дзяцей пакой для допыту, у горадзе Менску — не менш за два такія пакоі», — гаворыцца ў пастанове.

Гэтым жа дакументам зацверджана палажэнне «Аб дружалюбным да дзяцей пакоі для допыту».

Пад гэтым пакоем маецца на ўвазе, як сказана ў дакуменце, «спецыяльна абсталяванае памяшканне, у якім органам, які вядзе крымінальны працэс, робіцца допыт непаўналетніх пацярпелага або сведкі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па крымінальных справах аб злачынствах супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці, жыцця і здароўя, палавой недатыкальнасці або палавой свабоды».

«Дружалюбны да дзяцей пакой можа выкарыстоўвацца для атрымання органам крымінальнага пераследу тлумачэнняў непаўналетніх…, а таксама для працы педагогаў і псіхолагаў з непаўналетнімі ў мэтах аказання ім сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі», — абвяшчае палажэнне.

Згодна з дакументам, дружалюбны да дзяцей пакой «ствараецца на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра». Памяшканні органаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Следчага камітэта таксама могуць выкарыстоўвацца як такія пры выкананні ўстаноўленых патрабаванняў.

Патрабаванні да «дружалюбных да дзяцей пакояў» вызначаюцца наступныя:

  • наяўнасць асобных уваходаў і выхадаў у памяшканне, месцаў для размяшчэння верхняга адзення, а таксама сумежнага ізаляванага і абсталяванага гука— ды відэазапісной апаратурай, сродкамі радыёкамунікацыі памяшкання, прызначанага для дыстанцыйнага назірання;
  • гуканепранікальнасць памяшкання;
  • афарбоўка сцен памяшкання ў пастэльныя таны, адсутнасць у ім карцін і іншых элементаў дэкору;
  • наяўнасць наступнага матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання: канапа, крэсла, стол, крэсла-мяшок, канапавая падушка, цацкі;
  • сістэма гука– і відэафіксацыі;
  • не менш за дзве відэакамеры;
  • адзін камп’ютар (два маніторы).

Каардынацыя і кантроль за функцыянаваннем такіх пакояў на базе сацыяльна-педагагічных цэнтраў ускладзеныя на Міністэрства адукацыі.
https://nashaniva.com/324473