
Палітвязень журналіст Анджэй Пачобут узнагароджаны медалём „75-годдзе Місіі Яна Карскага”. Узнагарода была прысуджана Таварыствам Яна Карскага, паведамляе TVN24.
„Падобна да таго, як легендарны эмісар польскай падпольнай дзяржавы перанёс нацысцкае зняволенне і катаванні, Анджэй Пачобут падвяргаецца аналагічнаму выпрабаванню на фізічную стойкасць, цвёрдасць характару і зацятасць у духу надзеі”, – гаворыцца ў абгрунтаванні.
Як Карскі, вызвалены з турмы сваімі паплечнікамі, вярнуўся да барацьбы за Польшчу, так і Пачобут, вызвалены сіламі міжнароднай салідарнасці, вернецца да барацьбы за Беларусь і яе месца ў сям’і свабодных, самавызначальных таварыстваў і народаў”, – заявілі прадстаўнікі таварыства.
У лютым гэтага году Пачобута прыгаварылі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Журналіста прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. 26 траўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд без змены. Гэтымі днямі паведамлялася, што яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на шэсць месяцаў.
