Лякарня ў Гайцюнішках, фота Гарадзенскай Праваабароны

54-гадоваму менчуку Ігару Папову на закрытым судзе прызначылі бестэрміновае прымусовае лячэнне са строгім наглядам. Такое рашэнне вынесла суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянкевіч яшчэ 12 траўня.

Аднак падрабязнасці справы праваабаронцы даведаліся толькі цяпер. Папова судзілі як асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, і ўжо накіравалі ў псіхіятрычную лякарню „Гайцюнішкі” Воранаўскага раёна. 4 жніўня яго дадалі ў „спіс экстрэмістаў”.

Мужчыну звінавацілі ў абразе Лукашэнкі, абразе прадстаўніка ўлады, пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Паводле некаторых звестак, Папова затрымалі на пачатку верасня мінулага года. З таго часу яго трымалі пад вартай у жодзінскай турме.

Як адзначаюць праваабаронцы, пасля 2020 года па палітычных артыкулах 17 чалавек асудзілі як асобаў, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні. Двум з іх прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са строгім наглядам.