
Цяпер пільнай патрэбы закрываць мяжу з Беларуссю няма. Пра гэта заявіў галоўны дарадца прэзідэнта Летувы Кястуціс Будрыс.
“Ці ёсць на гэты момант такая неабходнасць, каб закрыццё мяжы дапамагло істотна палепшыць для нас сітуацыю з пункту гледжання бяспекі або выступіць сродкам уздзеяння на беларускі рэжым? Я не думаю, што мы цяпер знаходзімся ў такой сітуацыі, каб гэта было неабходна”, — прыводзіць яго словы delfi.lt.
На думку Будрыса, перад прыняццём такога рашэння варта высветліць, ці з’яўляецца поўнае закрыццё мяжы той мерай, якая паспрыяе прадухіленню пагрозы. “Калі ўзнікнуць такія ўмовы, пры якіх стане зразумела, што гэтая мера здольная прадухіліць пагрозы, — гэта пытанне нашай нацыянальнай бяспекі”, — падкрэсліў ён. Пры гэтым Будрыс дадаў, што такі крок атрымаў бы падтрымку з боку прэзідэнта Летувы, калі б узнікла такая неабходнасць.
