Свае 35-ыя ўгодкі палітвязнень, вядомы блогер і лідар анархісцкага руху Мікола Дзядок сустракае за кратамі гарадзенскай турмы. У зняволенні ён ужо больш тысячы дзён.

Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году, пасля чаго моцна білі і катавалі.

10 лістапада 2021 году суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

У час адбыцця зняволення ў калоніі № 9 у Горках Дзядка жорстка пераследавалі і каралі, урэшце яго перавялі на турэмны рэжым у Гарадзенскую вязніцу.

Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу