фота мае ілюстрацыйны характар

Міністр юстыцыі Беларусі Сяргей Хаменка падчас пашыранага паседжання рады Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, якая адбылася 22 жніўня, заявіў пра неабходнасць прывядзення да прысягі адвакатаў, прынятых у калегію да 2017 года.

Беларускія адвакаты, якіх прынялі ў Рэспубліканскую калегію, працуюць без прысягі, бо норма аб прынясенні прысягі была дададзена ў закон аб адвакатуры ў 2017 годзе. Гэтую сітуацыю і хоча “выправіць” Міністэрства юстыцыі і абавязаць скласці прысягу ўсіх адвакатаў.

Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка прапанаваў правесці адмысловую ўрачыстую цырымонію прынясення прысягі адвакатамі, якія пакуль працуюць без яе. Прымеркаваць мерапрыемства хочуць да нейкага дзяржаўнага свята.

Намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў распавёў на паседжанні пра прафілактычную працу, якая была праведзена сярод адвакатаў у тэрытарыяльных калегіях і нібыта дала значны станоўчы вынік. Сяргей Хаменка таксама выказаўся пра «падтрыманне дысцыпліны і законнасці ў адвакацкай супольнасці».

У 2021 годзе ў закон РБ аб адвакатуры былі ўнесеныя змяненні. З таго часу адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях. Загадчыкі кансультацыяў прызначаюцца толькі пасля ўхвалення кандыдатуры Мінюстам.

Адвакаты ў Беларусі рэгулярна трапляюць пад рэпрэсіі з боку ўладаў – іх пазбаўляюць ліцэнзіі, падвяргаюць крымінальнаму пераследу за абарону палітвязняў. Паводле ініцыятывы «Права на абарону», з пачатку 2020 года колькасць адвакатаў у Беларусі зменшылася больш чым на 500 чалавек – з 2200 да 1650. На сайце ініцыятывы прыводзяцца прозвішчы 10 адвакатаў, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам.

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека адзначала, што да 300 адвакатаў самастойна сышлі з прафесіі, бо не пажадалі працягваць практыку ва ўмовах рэпрэсіяў.

Белсат