
У студыі Радыё Рацыя пабываў стваральнік праекту крама “Адметнасць” Сяргей Верамеенка. Дзіўная навіна – як сайт крамы можна прызнаць экстрэмісцкімі матэрыяламі? Якая тут логіка і ці варта яе ўвогуле шукаць?
Сяргей Верамеенка: Я думаю, што тут абсалютная логіка ўлады ў тым, што яны нас прызналі „экстрэмістамі”. Адзінае для мяне дзіўна, што так доўга яны цягнулі. Фактычна нас прызнаваць “экстрэмістамі” можна было ад самага пачатку, з таго моманту, як мы адкрыліся ў 2018 годзе. Таму што некаторыя нашыя тавары не адпавядалі дзяржаўнай палітыцы. І за гэтыя пяць год яны мала змяніліся, можа дадалося трошкі новых прыгожых цішотак з Пуціным і Лукашэнкам. Можа таму мы сталі для іх раптам “экстрэмістамі”. А так, я думаю, яны проста шукалі таго чалавека, знайшоўся суддзя Лешык, каторы прызнаў нас “экстрэмістамі”. Яны шукалі таго, хто будзе адказваць на будучай люстрацыі.
РР: Чарговы раз мы мусім гаварыць пра нейкі абсурдны падыход, бо змагацца з цішоткамі і рознай патрыятычнай прадукцыяй, здаецца, марная справа.
Сяргей Верамеенка: У нас патрыятычнае патрыятычнаму розніца. Напрыклад, лукашысты лічаць патрыятычным чырвона-зялёныя анучы і гэтыя гербы, якія больш нагадваюць пахавальны вянок. Для іх такі патрыятызм. Для нас патрыятызм – гэта наша Беларусь, наша Бацькаўшчына, наша мова, наша культура, наша гісторыя. І тое, што яны з намі змагаюцца – гэта абсалютна лагічна, таму што яны – акупанты, а мы – тыя беларусы, якія хочуць жыць у нашай беларускай Беларусі. Калі агулам паглядзець на тое, што адбываецца, то калі ПЦ “Вясну” абвяшчаюць экстрэмістамі, то гэта таксама лагічна. Бо ёсць арганізацыя, якая змагаецца за правы беларусаў, і ёсць акупацыйная адміністрацыя, якая не хоча, каб у гэтых беларусаў былі свае правы. Калі я чытаю, што ў тэлеграм-каналах былі забаронены стыкеры з выявай Крыжа Еўфрасінні Полацкай, то тут мне абсалютна не зразумела, за што яны прызнаныя экстрэмісцкімі. А тое, што мы прызнаныя экстрэмістамі, ну, дачакаліся. Гэта была проста справа часу.
Цалком гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
