
Слуп з відэакамерамі на мяжы Летувы і Беларусі / delfi.lt
Міністэрства замежных спраў Летувы паведамляе, што ў пятніцу часова выконваючаму абавязкі пасла Рэспублікі Беларусь была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы і псаваннем інфраструктуры, паведамляе Delfi. 22 жніўня два чалавекі незаконна перайшлі мяжу з боку РБ і зрэзалі слупы, на якіх знаходзіліся відэакамеры. Пасля гэтага парушальнікі вярнуліся на тэрыторыю Беларусі. Летувіскія памежнікі кажуць, што яны былі ў цывільным адзенні.
Інцыдэнт адбыўся на ўчастку летувіска-беларускай мяжы, дзе з-за прыродных асаблівасцяў немагчыма ўсталяваць плот. Кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Летувы Рустамас Любаевас кажа, што для абароны аб’ектаў прымуць дадатковыя меры.
МЗС Летувы запатрабавала ад Беларусі як мага хутчэй прадставіць тлумачэнні ў сувязі з гэтым інцыдэнтам і прыняць усе меры, каб у будучыні падобнага не здаралася.
Еўрарадыё
