
фота мае ілюстрацыйны характар
Стала вядома, што ў першай палове жніўня за 30 км ад Гародні ў аграгарадку Парэчча адбыўся інцыдэнт — танк стрэліў у бок населенага пункта і трапіў у будынак Гарадзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. Па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў, паведамляе Reform.by на падставе сведчання сваёй крыніцы, знаёмай з сітуацыяй.
Паводле інфармацыі Reform.by, баявая машына ўдзельнічала ў вучэннях побач з Гожскім палігонам.
З невядомай прычыны экіпаж танка, як паведамляецца, задраў ствол і стрэліў. Снарад трапіў у пляц кадэцкага вучылішча, зрыкашэціў і разбурыў сцяну суседняга будынка. Ніхто ў выніку не пацярпеў.
Вайскоўцы, як сцвярджаецца, аператыўна адрамантавалі будынак, ліквідавалі пашкоджанні. Афіцыйна пра інцыдэнт нідзе і нічога не паведамлялася.
