
На беларуска-летувіскай мяжы / delfi.lt
Польшча, Летува і Латвія вызначыліся, пры якіх умовах цалком закрыюць мяжу з Беларуссю. Іх усяго дзве: узброены інцыдэнт ці інцыдэнты на мяжы адной з краін, якія будуць уяўляць сабой “сур’ёзную пагрозу нацбяспецы” і арганізаваны масавы прарыў мігрантаў. Пра гэта заявіла кіраўніца летувіскага Міністэрства ўнутраных спраў Агне Білатайтэ, піша Delfi. 28 жніўня яна ўдзельнічала ў сустрэчы ў Варшаве міністраў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы. Яны ацэньвалі сітуацыю на мяжы з Беларуссю.
“Калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, то пройдзе аператыўны абмен інфармацыяй паміж нашымі службамі, і тады будзе прынята рашэнне на роўні ўрадаў”, — сказала летувіскі міністр.
Летува можа закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Па словах Агне Білатайтэ, МУС Летувы прапануе закрыць “Лаварышкес” і “Райгардас”. Сярод прычын — праблема кантрабанды. Рашэнне будзе прымаць урад. Калі згаданыя пункты пропуску будуць закрытыя, на мяжы з Летувой будуць працаваць толькі два пункты: “Беняконі” і “Каменны Лог”.
Нядаўна Летува закрыла пункты пропуску “Шумскас” і “Цвярачус” на мяжы з Беларуссю (з беларускага боку — “Лоша” і “Відзы” адпаведна). На мяжы ўжо цяпер вялізныя чэргі.
