
У будынку суду Зэльвенскага раёну 28 жніўня ў 11.00 пачынаецца крымінальны працэс у дачыненні да прадпрымальніка Віктара Ламекі. Яго вінавацяць па 2-х артыкулах Крымінальнага кодэксу:
ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі),
ч. 2 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі).
Аформіць карны вырак даручана старшыні Зэльвенскага раённага суду Наталіі Сцяпанавай.
Прадпрымальнік з Зэльвы Віктар Ламека быў жорстка затрыманы і збіты пры затрыманні. Пачаткова на яго склалі пратакол па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Не даўшы Ламеку нават пакінуць будынак суда, сілавікі зноў затрымалі яго і зноў склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП РБ. Калі мужчына знаходзіўся ў следчым ізалятары, на яго склалі трэці пратакол. Пазней стала вядома, што Ламека знаходзіцца ў СІЗА, яму прад’яўлена абвінавачанне ўжо па крымінальных артыкулах. Пакуль мужчына быў у СІЗА, у яго памерла маці.
Віктар Ламека вядомы тым, што раней судзіўся з падатковай і бараніў прадпрымальнікаў з Гарадзеншчыны ў судах рознай інстанцыі.
5 траўня гэтага году на закрытым паседжанні былі разгледжаны скаргі зельвенскага прадпрымальніка Віктара Ламекі на затрыманне, заключэнне пад варту, хатні арышт, падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай і хатняга арышту, а таксама на прымусовае змяшчэнне ў судова-псіхіятрычны экспертны стацыянар. Скаргі разглядала суддзя Люцыя Жук.
Віктара Ламеку ўтрымліваюць у СІЗА гораду Баранавічы: СІЗА-6, Баранавічы, вул. Брэсцкая 258 В, 225413, Ламеку Віктару Георгіевічу
