Фуры / pexels.com, ілюстрацыйнае фота

Саюз перавозчыкаў Летувы (LVS) звярнуўся да прэзідэнта Гітанаса Наўседы з просьбай не выганяць з краіны беларускіх дальнабойнікаў, піша logist.today. Адпаведную заяву агучыў генсакратар арганізацыі Сігітас Жылюс.

У Летуве сталі раздавацца заклікі абмежаваць беларусам магчымасці для працы і гандлю. На думку LVS, гэта безадказныя заклікі, якія паказваюць недахоп кампетэнтнасці і сведчаць пра жаданне атрымаць танны палітычны капітал.

У заяве адзначаецца, што ў летувіскіх транспартных кампаніях цягам многіх гадоў працуюць каля 40 000 беларускіх кіроўцаў. Кіраўнік LVS падкрэслівае, што яны не ўяўляюць аніякіх палітычных або ваенных пагрозаў для Летувы.

Жылюс мяркуе, што мытныя асаблівасці Летувы руйнуюць транспартны і складскі сектар. Транзітныя плыні тавараў ідуць у абыход Летувы на карысць Турцыі, Грузіі ды Латвіі. Ён заклікае палітыкаў перастаць устаўляць бізнесу палкі ў колы.

Еўрарадыё