Зэльвенскага прадпрымальніка Віктара Ламеку пераследавалі і прызналі вінаватым у паклёпе і абразе Лукашэнкі (артыкулы 367 і 368 КК). Карны прысуд 31 жніўня аформіла старшыня Зэльвенскага раённага суду Наталія Сцяпанава.

Прадпрымальнік з Зэльвы Віктар Ламека быў жорстка затрыманы і збіты пры затрыманні. Пачаткова на яго склалі пратакол па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Не даўшы Ламеку нават пакінуць будынак суда, сілавікі зноў затрымалі яго і зноў склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП РБ. Калі мужчына знаходзіўся ў следчым ізалятары, на яго склалі трэці пратакол. Пазней стала вядома, што Ламека знаходзіцца ў СІЗА, яму прад’яўлена абвінавачанне ўжо па крымінальных артыкулах. Пакуль мужчына быў у СІЗА, у яго памерла маці.

Віктар Ламека вядомы тым, што раней судзіўся з падатковай інспекцыяй і бараніў прадпрымальнікаў з Гарадзеншчыны ў судах рознай інстанцыі.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-6. 225413, Баранавічы, вуліца Брэсцкая, 258В, Віктару Георгіевічу Ламеку