фота Sputnik / Инна Гришук

За два гады ў Беларусі закрылі 102 сярэднія школы. На 1 верасня 2021 года іх было 2967. А на 1 верасня 2023 года — толькі 2865. Пра гэта распавёў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які 1 верасня адкрываў новую школу ў Гародні ( у мікрараёне Грандзічы).

Пры гэтым амаль 20 школ з 2865 апынуліся не гатовымі да пачатку навучальнага года.

“Гэта тыя ўстановы, дзе па нейкіх прычынах яшчэ не скончаныя ўсе працы, — дадае Галоўчанка. — Былі прапановы пайсці на нейкі кампраміс і здаць як ёсць, а пасля паціху даробліваць. Але на гэты мы пайсці не маглі. Таму ў 18 школах працягваецца капітальны рамонт, ён мусіць скончыцца да канца гэтага года”.

Недарамантаваныя школы таксама адкрылі свае дзверы для вучняў, будаўнічыя ці аддзелачныя працы працягваюцца там паралельна навучальнаму працэсу. Прэм’ер называе гэта “дробнымі нязручнасцямі”.

Такое істотнае змяншэнне агульнай колькасці школаў (пры тым, што ў гарадах рэгулярна адкрываюцца новыя школы!) тлумачыцца катастрафічным выміраннем беларускіх вёсак, у якіх рэгулярна закрываюцца школы.