Пачынаючы з 4 верасня беларусы зноў могуць запісвацца на падачу дакументаў для атрымання польскай турыстычнай візы. Зрабіць гэта можна ва ўсіх польскіх візавых цэнтрах у Беларусі. Свабодныя даты ёсць на праз 1—2 месяцы. 

Кошт візы — 35 еўра. Акрамя візавага збору спаганяецца сэрвісны збор у памеры 11 еўра. 

Пакет дакументаў для падачы — стандартны. Трэба мець пашпарт не даўнейшы за 10 гадоў, медыцынскую страхоўку на суму не меншую за 30 тысяч еўра. Фота 3,5×4,5, на якіх грыўка не павінна закрываць бровы і вочы. Здымкі мусяць быць зробленыя не больш чым шэсць месяцаў таму.

Актуальная даведка з месца працы з указаннем пасады работніка, часу пачатку працы, заработнай платы за тры апошнія месяцы.

Пацвярджэнне броні гатэля / пансіёна ці іншы дакумент, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча.

Падрабязней пра ўсе патрабаванні можна даведацца па спасылцы.

Турыстычныя візы выдаюцца тэрмінам да пяці гадоў. Максімальны тэрмін звычайна залежыць ад візавай гісторыі заяўляльніка.