
Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой больш не змогуць выдаваць пашпарты беларусам, якія эмігравалі. Адмыслова для гэтага Лукашэнка падпісаў указ №278 ад 4 верасня, які ўскладніць жыццё многім беларускім эмігрантам.
Паводле лукашэнкаўскага ўказа №278, выдаваць і мяняць пашпарты цяпер будзе Міністэрства ўнутраных спраў. За МЗС захаваецца права выдаваць біяметрычныя дакументы.
Дакумент пакуль не набыў моц, ён уступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым партале. Тыя звароты, якія ўжо паступілі ў абмасады, будут разгледжаны ў бягучым парадку.
Ва ўказе гаворыцца, што «выдача і абмен пашпарта грамадзяніна Беларусі, які пастаянна пражывае за мяжой і знаходзіцца на консульскім уліку, ажыццяўляецца органам МУС па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства». Аналагічныя паўнамоцтвы, якімі валодае МЗС праз амбасады, выключаны новым указам.
Якія праблемы гэта створыць беларусам, што стала пражываюць за мяжой? Галоўнае палягае ў тым, што пры сканчэнні тэрміну дзеяння пашпарта яго нельга будзе абмяняць па звароце ў амбасаду. Трэба будзе ў абавязковым парадку вярнуцца ў Беларусь, каб аформіць новы дакумент праз звычайны «пашпартны стол». Праблема ў тым, што тысячы беларусаў не могуць вярнуцца на радзіму, бо будуць затрыманы паводле палітычных матываў. Атрымліваецца, яны застануцца на чужыне без дакументаў, якія сведчаць асобу і грамадзянства.
Імаверна, новы лукашэнкаўскі ўказ змусіць дэмакратычныя сілы і еўрапейскіх палітыкаў прапрацаваць захады для вырашэння гэтай сітуацыі. Магчыма, гэта нават дасць штуршок для далейшай распрацоўкі і ратыфікацыі праекта «пашпарта новай Беларусі».
Новы Час
