Улады Летувы не плануюць мяняць працэдуру выдачы пашпартоў замежніка для беларусаў. Для атрымання гэтага дакумента неабходна абгрунтаваць, чаму чалавек не можа аформіць пашпарт на радзіме, патлумачылі “Белсату” ў Дэпартаменце міграцыі пры МУС Летувы.

Пра новыя пашпартныя абмежаванні беларускіх уладаў у Летуве ведаюць. Дырэктарка Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце сцвярджае, што беларусы, як і раней, могуць афармляць пашпарты замежніка.

Па яе словах, большасць беларусаў, якія працуюць у Летуве, маюць магчымасць спакойна вярнуцца і вельмі часта гэта робяць. Тым, хто пазбаўлены такой магчымасці, Летува выдае адмысловыя пашпарты для падарожжаў: “Мы асобна разглядаем кожны выпадак беларусаў, якія асцерагаюцца пераследу і не могуць ехаць у Беларусь. Калі сапраўды з аб’ектыўных прычынаў беларус не можа вярнуцца на радзіму, мы выдаём пашпарт замежніка”.

Пры гэтым пашпарт замежніка могуць аформіць уладальнікі часовага або сталага ВНЖ. Беларус з летувіскім пашпартам замежніка можа свабодна вандраваць па Шэнгенскай зоне цягам максімум 90 дзён за паўгода (бо адначасова мае від на жыхарства ў Летуве). Аднак пры гэтым усё адно трэба афармляць візы тых краін, куды грамадзянам Беларусі бязвізавы ўезд забаронены.

Аформіць пашпарт замежніка ў Летуве — 65 еўра. Заява разглядаецца цягам пяці дзён. Пры дадатным рашэнні дакумент выдаюць цягам яшчэ 30 дзён. Паскоранай працэдуры за дадатковую аплату цяпер няма.

У Польшчы, як распавядала Еўрарадыё, таксама ёсць аналагічны дакумент для замежніка.