
Ілюстрацыйны здымак: Зялёная Сетка
8 верасня ўлады Беларусі праводзяць грамадскія слуханні перад выдачай ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС. Напярэдадні незалежныя эколагі Беларусі выступілі за прыпыненне гэтага працэсу, пакуль улады не вырашылі крытычныя праблемы, якія нясуць пагрозу жыццю і здароўю беларусаў. Эколагі запусцілі адкрытае апытанне пра давер да беларускіх уладаў у пытаннях бяспекі БелАЭС і стаўленне беларусаў да АЭС.
7 верасня экспертная супольнасць беларускіх экалагічных арганізацыяў і ініцыятываў «Зялёная Сетка» выпусціла афіцыйную заяву. Эколагі заклікаюць да закрыцця БелАЭС у доўгатэрміновай перспектыве, тым больш, што ў Дзяржатамнагляду гатовы дэталёвы план па вываду станцыі з эксплуатацыі. У кароткатэрміновай – не выдаваць ліцэнзію на прамысловую эксплуатацыю другога блока БелАЭС і спачатку разабрацца з праблемамі эксплуатацыі першага блока.
Сярод агучаных праблем БелАЭС: небяспека для здароўя людзей і экалогіі, брак празрыстасці ў пытаннях будавання і эксплуатацыі станцыі (у прыватнасці, незразумелыя праблемы з працай першага энергаблока), брак магчымасці сапраўднага ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў запуску энергаблокаў, брак рынкаў збыту для электраэнергіі.
Спецыялісты крытыкуюць прапанаваныя беларусам фармат і ўмовы ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, называючы мерапрыемства, якое мае адбыцца, прафанацыяй. На пытанне „Ці хочуць улады слухаць і чуць людзей?” адказ адмоўны. У сувязі з чым Зялёная Сетка запусціла адкрытае апытанне Вашае стаўленне да БелАЭС і давер уладам наконт яе бяспекі? Галасаванне завяршаецца 11 верасня ў 14.00 па Менску. Вынікі будуць апублікаваны на Зялёным партале і накіраваны ў Дзяржатамнагляд.
Тэкст заявы Зялёнай Сеткі цалкам + аргументы, лічбы, факты За каментарамі і адказамі на пытанні Зялёная сетка прапануе звяртацца да PR-мэнэджара Зялёнай Сеткі Таццяны Бублікавай: +37062569175, Тэлеграм @tbublikawa.
