Эвеліна Гудзінскайце / svaboda.org

У Летуве “пашпарт замежніка” для беларуса можна падрыхтаваць за пяць дзён. Пра гэта дырэктарка дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайце расказала ў інтэрв’ю Радыё “Свабода”.

Па словах летувіскай чыноўніцы, раней на такі дакумент вялікага попыту не было: “5 чалавек за год бывала, летась іх было 16, не было патрэбы ў такім дакуменце. У Летуве цяпер жыве не адна тысяча беларусаў, якія выехалі і не могуць вярнуцца на радзіму. Рана ці позна ў іх скончацца пашпарты, і ім спатрэбіцца іншы дакумент”.

Гудзінскайце запэўнівае, што працэс выдачы “пашпарта замежніка” не зойме шмат часу. Аднак кожная заява будзе разглядацца індывідуальна.

“Тэарэтычна, калі ўсе дакументы ў парадку, працэдура падрыхтоўкі пашпарта замежнага грамадзяніна займае 5 дзён. Для гэтага трэба зарэгістравацца на партале міграцыі, прыкласці доказы і тлумачэнні, якія яны маюць і якія кажуць, што гэтыя людзі не могуць вярнуцца ў Беларусь”, — кажа дырэктарка міграцыйнай службы Летувы.

У Дэпартаменце па міграцыі давядзецца паказаць арыгіналы ўсіх дакументаў, уключна з тымі, якія сведчаць пра пераслед.

Выдавацца “пашпарт замежніка” будзе на падставе дзейнага дазволу на жыхарства. Атрымаць яго змогуць не толькі ўладальнікі гуманітарных візаў, але і тыя, хто мае працоўны дазвол ці іншы дакумент.

Як распавядала Еўрарадыё, цяпер гэты дакумент мае тэрмін дзеяння адзін год, аднак літоўскія ўлады хочуць павялічыць гэты тэрмін.