Лявон Юрэвіч і Наталля Гардзіенка ўклалі том “Выбранае”, у які ўвайшлі ўспаміны, працы аб рэлігійнай гісторыі Беларусі ды рэфлексіі пра беларускую эміграцыю айца Льва Гарошкі, а таксама тэксты пра аўтара. 

Кніга выходзіць у межах серыі «Спадчына: агледзіны», заснаванай Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва пры спрыянні інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat. Пра гэта паведаміў сайт bellit.info.

Напомнім, што Леў Гарошка – грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, даследчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар. Ён нараджэнец вёскі Трашчычы, што ў цяперашнім Карэліцкім раёне. Бальшыню жыцця ён правёў на Захадзе.

У 1944 годзе а. Леў Гарошка апынуўся ў эміграцыі, дзе стаў духоўным айцом для беларусаў на чужыне і прадстаўніком Беларусі ў Рыме, дапамагаў беларусам, якія служылі ў польскай арміі генерала Андэрса. У 1946 годзе ён падрыхтаваў і выдаў малітоўнік “Божым шляхам”, які дагэтуль выкарыстоўваецца многімі беларусамі і шмат разоў перавыдаваўся. Актыўна збіраў сродкі на выданне газеты “Беларускія навіны” (выдавалася ў Парыжы шматтысячным накладам і рассылалася суродзічам па ўсім свеце – ад Скандынавіі да Афрыкі і Амерыкі).

Айцец Леў Гарошка далей служыў беларускім вернікам у Францыі і Брытаніі, не мог толькі патрапіць у Беларусь, аднак кіраваў беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё ў 1970-1977 гадах. У гэты перыяд вяшчанне радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень па 14 хвілін. Акрамя непасрэдна ватыканскіх навін, айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку.

Жывучы ў Парыжа, а. Леў Гарошка ў 1947-1957 гадах рэдагаваў і выдаваў беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс “Божым шляхам”. Затым выехаў у Рым, дзе ў 1959 годзе ўступіў у навіцыят айцоў-марыянаў. У 1960 годзе разам з біскупам Чэславам Сіповічам быў накіраваны ў Лондан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі. У 1962-1969 гадах быў ігуменам манаскага дому айцоў-марыянаў у Лондане. У 1965 годзе атрымаў годнасць архімандрыта. Браў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа, з’яўляўся сябрам лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі.

Леў Гарошка выдаў дзясяткі кніжак і навуковых прац у самых розных галінах, склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказак ды прымавак, які ахоплівае больш за 20 тысяч адзінак.