
110 гадоў таму – 15 верасня 1913 года ў вёсцы Яглевічы (Слонімскі павет, цяпер Івацэвіцкі раён) нарадзіўся Рыгор Зыбайла, беларускі палітычна-вайсковы дзеяч.
Зыбайла атрымаў адукацыю лясного інжынэра. Як грамадзянін Польшчы быў прызваны ў войска польскае, удзельнічаў у абарончай вайне Польшчы супраць Трэцяга Райху. Быў палонены нямецкімі войскамі. Пасьля вызваленьня з палону далучыўся да кансьпірацыйнай сеткі БНП. Працаваў у Беларускім камітэце ў Бялай Падлясцы. Пасьля стаў вайскоўцам 1-га Беларускага штурмавога зьвязу. З восені 1941 году кіраўнік Слонімскага акруговага камітэту БНС. За пратэсты супраць нямецкіх рэпрэсіяў у дачыненьні мірнага насельніцтва быў зьняты з пасады й адпраўлены на работу ў Дзярэчын. Летам 1943 року пераехаў у Менск, дзе выконваў абавязкі намесьніка старшыні БНС. У 1944 годзе становіцца афіцэрам БКА. Браў удзел у падрыхтоўцы батальёну «Дальвіц». Пасьля аперацыі Багратыён, ён са сваім падразьдзяленьнем быў перакінуты ў Францыю, але там перайшоў на бок французскіх партызан.
Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у Францыі. Некаторыя беларускія эміграцыйныя выданьні (напрыклад, кніга «Другі Ўсебеларускі Кангрэс») падаюць, што Зыбайла быў расстраляны контарвыведкаю польскай арміі Андэрса ў Марселі ў 1945-м годзе. Нібыта, пасьля таго, як у яго знайшлі фатакартку, дзе ён быў у форме афіцэра БКА. Барыс Данілюк згадаў, што ў пачатку 1947-га году ў францускую зону акупацыі Нямеччыны прыяжджаў Старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык: «ён расказаў, што даведаўшыся пра перадачу Зыбайлы палякам, зьвярнуўся да польскага прэзыдэнта Рачкевіча, зь якім тады йшлі дыпляматычныя гутаркі БНР, каб той загадаў Зыбайлу выпусьціць. Рачкевіч гэткі загад выдаў, але ўжо было запозна, бо Зыбайлу самавольна застрэліў нейкі польскі шавініст…».
Аднак Зыбайла ня быў расстраляны. Гісторыя з «расстрэлам» дазваляла яму зьнікнуць — савецкія агенты палявалі на такіх, як ён. А Рыгор Зыбайла, праўдападобна, атрымаў прапанову працаваць у нейкай сакрэтнай установе на Захадзе. Прынамсі, Віктар Сікора, са словаў людзей, якія былі ў зьняволеньні разам з Зыбайлам, успамінае, што ён выкладаў у сакрэтнай школе, дзе рыхтаваліся людзі для антыбальшавіцкай барацьбы. Аднак пасьля верагодна быў затрыманы савецкай контарвыведкай і этапаваны ў Менск. Па іншай інфармацыі Рыгор Зыбайла сам, праз Чэхаславаччыну вярнуўся на радзіму, дзе й быў затрыманы.
Пра свае допыты Рыгор Зыбайла распавядаў так:
| «Мяне сьледчы пытаецца: «Почему ты изьменил родине?». А я яму гавару: «Якая «родина»?! У мяне Радзіма — Беларусь, а не Савецкі Саюз! Я ў вас ніколі ня жыў і не лічу Савецкі Саюз сваёю Радзімаю. А сваёй Беларусі я ніколі ня здраджваў!». | ||
Зыбайла быў асуджаны на шматгадовы тэрмін зьняволеньня ў савецкіх канцлягерах. У Беларусь вярнуўся ў 1950-ых гадах. Працаваў будаўніком. Памёр у вёсцы Яглевічы (Івацэвіцкі раён) 15 лістапада 1987 году.
