
85 гадоў таму – 16 верасня 1938 году савецкі НКВД у Менску расстраляў беларускага навукоўца Іосіфа Мацюкевіча.
Іосіф Мацюкевіч нарадзіўся 26 верасня 1890 году ў вёсцы Гернікі (Дзятлаўскі раён). З біяграфіі вядома, што ён скончыў БДУ. З кастрычніка 1930 году – вучоны сакратар, з ліпеня 1930-га — намеснік дырэктара Інстытуту мовазнаўства Беларускай Акадэміі Навук. Браў удзел у рэфармаванні беларускага правапісу.
31 кастрычніка 1933 года арыштаваны ГПУ БССР па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра. Пастановай пазасудовага органа 9 верасня 1934 году засуджаны да 5 гадоў савецкіх канцлагераў. 2 ліпеня 1938 году засуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Менску у турме НКВД (цяпер Следчы ізалятар КГБ).
Па першым прысудзе рэабілітаваны 16 жніўня 1956 году, па другім — 21 лістапада 1956 году. Памяць пра Мацюкевіча не ўшанаваная.
