Беларускі грамадска-культурны дзеяч, актывіст Таварыства Беларускай Школы Павал Крынчык нарадзіўся 17 верасня 1898 года ў вёсцы Едначы (Слонімскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. У 1910 годзе сям’я перабралася на хутар ля вёскі Вострава (Зэльвенскі раён). У 1910-12 гадах вучыўся ў народнай вучэльні ў вёсцы Клімавічы (Зэльвенскі раён). У 1912-15 гадах Крынчык адукоўваўся ў Слонімскай вышэйшай пачатковай вучэльні. У час Першай сусветнай вайны рускія казакі выгналі сям’ю ў бежанства. Крынчыкі выехалі ажно ў горад Екацерынаслаў (Расія). Там Павал працягваў вучобу ў вышэйшай пачатковай вучэльні (1915-17 гады). З 1917 года вучыўся на будаўнічым аддзяленні Екацерынаслаўскага палітэхнікума шляхоў зносін. Скончыў тэхнікум у 1921 годзе. Неўзабаве сям’я вярнулася ў родныя мясціны, дзе працавала на гаспадарцы.

У 1920-ыя гады Павал Крынчык улучыўся ў беларускі рух, актыўны ўдзельнік Таварыства Беларускай Школы. З 1927 года – віцэ-старшыня Слонімскай акруговай управы ТБШ, з траўня 1929 года – сябра Галоўнай управы ТБШ. У лютым 1929 года Павал Крынчык абраны дэпутатам польскага сейма па спісе беларускіх арганізацый. У Варшаве атрымаў пасольскі мандат, які гарантаваў яму недатыкальнасць. Адзін з арганізатараў і сябра Галоўнага сакратарыята клуба “Змаганне”. Уваходзіў у заходнебеларускі аргкамітэт па падрыхтоўцы Еўрапейскага сялянскага кангрэса ў Берліне. Быў дэлегатам гэтага кангрэсу.

Палымяны голас пасла Крынчыка гучаў на шматлюдных мітынгах у Дзярэчыне, Ашмянах, Вільні, Воранаве, Смаргоні, Карэлічах, іншых гарадах і мястэчках. Нягледзячы на дэпутацкую недатыкальнасць, Крынчыка часта абражалі, а часам і білі на гэтых мітынгах паліцыянты і шпікі. А летам 1929 года ў Карэлічах у яго нават выстралілі з пісталету. Куля трапіла ў галаву, Крынчыка хутка паклалі на воз і павезлі да доктара. Лекар дастаў кулю і жыццё маладога пасла было ўратаванае. Крынчыка з забінтаванай галавой завезлі на чыгуначную станцыю Наваельні, а адтуль пераправілі ў Вільню.

У час дадатковых выбараў у сейм, якія праходзілі вясной 1930 года ў Лідскай выбарчай акрузе Крынчык разам з некаторымі іншымі паплечнікамі зноў былі абраныя па спісе кандыдатаў “Змагання”. Але ўжо ў жніўні 1930 года Крынчык дома арыштаваны ўладамі Польшчы. Разам з іншымі сябрамі пасольскага клубу “Змаганне” быў перавезены ў Вільню, дзе ў пачатку 1931 года засуджаны да 8 гадоў турмы. З верасня 1932 года ў выніку абмену палітычнымі вязнямі апынуўся ў Савецкім саюзе. Працаваў на гаспадарчай рабоце, таксама лектарам.

Паўла Крынчыка арыштавалі 26 лістапада 1935 года. 1 красавіка 1936 года “тройкай” НКВД з фармулёўкай “за сувязь з разведкай буржуазнай Польшчы” засуджаны да 5 гадоў савецкага канцлагера. Неўзабаве этапаваны ў адзін з Калымскіх лагераў – Эльгене (Магаданская вобласць).

Толькі ў 1956 годзе Павал Крынчык вярнуўся на радзіму, працаваў на гаспадарцы. Быў жанаты на Алене Лябецкай, вядомай дзяячцы ТБШ, якая таксама перажыла арышт і савецкі канцлагер. Сям’я пераехала ў Слонім, дзе Крынчык працаваў вартаўніком. Афіцыйна яго рэабілітавалі ў сакавіку 1956 года.

Памёр Павал Крынчык 22 верасня 1975 года ў Слоніме, дзе і пахаваны. Яшчэ пры жыцці ён надрукаваў успаміны, у якіх расказаў пра падрыхтоўку еўрапейскага сялянскага кангрэсу ў Берліне.