Суд Кастрычніцкага раёна Гародні 28 ліпеня прысудзіў “хатнюю хімію” намесніцы дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў горада Вользе Ключнікавай, звінаваціўшы яе ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Маргарыта Ланцэвіч.

Па матэрыялах абвінавачання, 55-гадовая Вольга Ключнікава 6 верасня 2020 года разам з іншымі мітынгоўцамі рухалася па праезнай частцы і пешаходных дарожках вуліц, перашкаджала руху транспарту і праходу грамадзян, пасля чаго, выбудаваўшыся ў ланцуг і ўзяўшыся за рукі з іншымі асобамі, утварыла “счэпку”. 

Матэрыяльныя страты, якія былі нібыта нанесены грамадскаму транспарту горада на 71,69 рублёў, яна сплаціла.

Суд прызначыў ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

18 жніўня Вольгу Ключнікаву ўнеслі ў спіс асоб, датычных нібыта да экстрэмісцкай дзейнасці.

Вясна