Дзяржаўная памежная служба Летувы разглядае магчымасць стварэння фізічных бар’ераў на мяжы з Беларуссю нават на забалочаных участках. Пра гэта расказаў прадстаўнік летувіскай памежнай службы Гедрус Мішуціс, паведамляе LRT.

Цяпер агароджа і калючы дрот стаяць на каля 550 км 679-кіламетровай мяжы Летувы з Беларуссю. У той жа час ёсць больш за 100 км мяжы ўздоўж рэк, азёр і балот, дзе памежная зона кантралюецца камерамі відэаназірання і іншымі тэхнічнымі сродкамі, але платоў няма.

«Памежная служба стварыла працоўную групу, якая вывучае магчымасць устанаўлення там фізічных бар’ераў, пралічвае выдаткі і варыянты ўзвядзення», — адзначыў Мішуціс.

Паводле яго слоў, платы аказваюць значны ўплыў на спыненне нелегальнай міграцыі праз летувіска-беларускую мяжу.

«Дадатковыя фізічныя перашкоды былі б эфектыўныя як цяпер, так і ў будучыні. Паколькі мы бачым сітуацыю, калі ў нас нуль (спробаў перасячы мяжу. — Рэд.), а таксама мы бачым, што адбываецца на латвійскай мяжы, якая ў чатыры разы карацейшая», — дадаў прадстаўнік памежнай службы. 
https://nashaniva.com/326651