
Указ Аляксандра Лукашэнкі, які абавязвае беларусаў атрымліваць або мяняць пашпарты толькі ў РБ, быў прыняты “для аптымізацыі ўдасканалення адміністрацыйных працэдур і парадкавання дзеянняў нашых дыпламатычных прадстаўніцтваў”. Гэта заявіў у эфіры СТБ першы намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі Павел Муравейка.
Паводле Муравейкі, краіна не адмаўляецца ад сваіх грамадзян, гатовая садзейнічаць у вырашэнні пытанняў — “проста змяніўся механізм”. Што да белаарусаў, якія не могуць прыехаць у Беларусь праз пагрозу рэпрэсій, то Муравейка лічыць, што яны “павінны панесці пакаранне”.
“Калі вы раскаяліся, прыязджайце, існуе пэўны механізм. Праз камісію пры Генеральнай пракуратуры ўсё будзе разгледжанае, аб’ектыўна, празрыста. Не хочаце прыязджаць? Не прыязджайце”, — заявіў Муравейка.
Нагадаем, што указ Лукашэнкі “Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў” набыў моц у пачатку верасня. Згодна з гэтым дакументам, выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой, будуць органы ўнутраных спраў альбо МЗС. У любым выпадку па дакумент давядзецца прыехаць у РБ. Гэта становіцца сур’ёзнай праблемай для многіх беларусаў, змушаных з’ехаць з краіны праз рэпрэсіі.
