19 верасня ў Палацы Прымаса (Pałac Prymasowski) у Варшаве дзясяты раз адбылося ўрачыстае ўручэнне Залатых Лаўраў, якія прысвойваюцца асобам, установам і кампаніям за выдатную дзейнасць.

Лаўрэатам намінацыі «Асоба года» стаў Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які быў засуджаны рэжымам Лукашэнкі да 10 гадоў турмы.

Арганізатары адзначаюць дадзеную намінацыю наступнымі дзеяннямі Алеся Бяляцкага: «За непахісную і бескампрамісную барацьбу за свабоду, дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі. За шматгадовыя намаганні па пабудове грамадзянскай супольнасці з правам крытыкі ўладаў, магчымасцю пратэставаць і выказваць сваё меркаванне».

Па запрашэнні арганізатараў у цырымоніі ўзялі удзел прадстаўніца ПЦ «Вясна» Алена Лапцёнак і намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Па прапанове арганізатараў Алена Лапцёнак атрымала ўзнагароду для Алеся Бяляцкага.