Народныя амбасады Беларусі распрацавалі спіс парадаў для тых, хто не знайшоў сваёй краіны перабывання ў спісе для атрымання “пашпарта замежніка”. Гэтыя дадатковыя рэкамендацыі можна пабачыць па спасылцы.

Як распавядала Еўрарадыё, сайт pashpart.org пачаў дзеіць 11 верасня. На ім размяшчаецца інфармацыя па атрыманні “пашпарта замежніка” ў розных краінах.

Стваральнікі сайта кажуць, што за першыя 10 дзён працы сайта яго наведала больш за 15 тысяч беларусаў з усяго свету. Колькасць праглядаў за гэты час перавысіла 80 тысяч.

Патрэба ў такім сайце з’явілася пасля таго, як лукашэнкаўскія ўлады адмовіліся выдаваць пашпарты і большасць іншых дакументаў праз дыпламатычныя місіі. Цяпер па новы пашпарт трэба вяртацца ў Беларусь, што многім з эмігрантаў пагражае палітычным пераследам.

Еўрарадыё