Упершыню ў гісторыі Летувы колькасць замежнікаў, якія пражываюць у ёй, перавысіла 200 тысяч чалавек, паведамляе DELFI са спасылкай на Дэпартамент міграцыі. Паводле звестак на 1 верасня, у Летуве пражывала 203 157 чалавек з розных замежных краін.

Самая вялікая дыяспара — украінская: украінцаў у Летуве налічваецца 85 579 чалавек. Бальшыня з іх прыбылі ў краіну пасля расейскага ваеннага ўварвання на тэрыторыю Украіны.

Беларусаў у Летуве зараз больш за 60 тысяч чалавек. На пачатку года нашых суайчыннікаў было ў краіне крыху больш за 48 тысяч. Рост беларускай дыяспары сёлета стаў самым высокім у Летуве.

Трэцяя па колькасці дыяспара — расейская. На пачатку года ў Летуве пражывала 15 706 расейцаў, на 1 верасня — 16 179. Больш за палову з іх (8571) — гэта сталыя жыхары Летувы, якія жывуць тут пару дзясяткаў гадоў і даўжэй.