
На сесіі Рады правоў чалавека ААН 22 верасня абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. Намесніца Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Нада Аль-Нашыф заклікала судзіць за рэпрэсіі ў Беларусі «на падставе прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі».
Намесніца Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Нада Аль-Нашыф заклікала распачаць у міжнародных суда працэсы супраць беларускіх уладаў за рэпрэсіі ў краіне. Яна заявіла пра гэта на сесіі Рады правоў чалавека ААН, паведамляецца на сайце Упраўлення ААН у правах чалавека:
«Дзяржавы-чальцы мусяць актыўна падтрымоўваць іншыя формы прыцягнення да адказнасці шляхам нацыянальных разбораў на падставе прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі, што адпавядаюць нормам міжнароднага права».
Аль-Нашыф растлумачыла такую неабходнасць тым, што за рэпрэсіі ў Беларусі нікога не караюць.
«Я заклікаю да хуткіх, эфектыўных, руплівых, незалежных, бесстаронных і празрыстых расследаванняў парушэнняў правоў чалавека ў мінулым, забяспечванню адпаведных сродкаў прававой абароны і прыцягненню вінаватых да адказнасці», – сказала прадстаўніца ААН.
Яна канстатавала, што беларускі ўрад адмаўляецца ад супрацы, і заявіла аб неабходнасці тэрміновых захадаў, у тым ліку недакладнае вызваленне палітвязняў:
«Парушэнні правоў чалавека, у тым ліку сістэматычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў і апазіцыйных групаў, мусяць быць спыненыя. Беларусі павінна прыняць неадкладныя захады дзеля захавання правоў чалавека і абароне ўсіх людзей, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі».
Нада Аль-Нашыф заявіла, што пасля выбараў 2020 года сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Яна згадала арышты, завочныя суды, катаванні, пазбаўленне адвакатаў ліцэнзіяў, улучэнне людзей у пералік «экстрэмістаў», зліквідаванне некамерцыйных арганізацыяў і палітычных партыяў, рэпрэсіі супраць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу:
«Сітуацыя ў Беларусі прымусіла каля 300 тысячаў асобаў пакінуць краіну з траўня 2020 года, а рэпрэсіі ўсё больш выходзяць за межы Беларусі і бяруць на прыцэл тых, хто пакінуў краіну».
У адказ сталы прадстаўнік Беларусі ў аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская назвала даклад аб рэпрэсіях у краіне «заснаваным на недакладных крыніцах і ангажаваных ацэнках». Яна настойвае, што «канстытуцыйную рэформу і мадэрнізацыю заканадаўства» зладзілі ў Беларусі з мэтаю «умацавання канстытуцыйнага ладу, нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту, садзейнічання грамадзянскай згодзе, абароне правоў, свабодаў і інтарэсаў грамадзянаў».
Звесткі пра палітвязняў, адвольных затрыманнях, катаваннях і арыштах яна назвала «палітызаванымі і галаслоўнымі абвінавачваннямі».
«Кожнае пакаранне прызначана судом згодна з законам і суразмерна ўчыненым правапарушэнням. Злачынствы супраць дзяржаўнага ладу і нацыянальнай бяспекі, парушэнні грамадскага парадку і напады на паліцыю, фінансавыя злачынствы караюцца ў Беларусі не больш строга, чымся ў краінах ЕЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі», – заявіла Бельская.
Яна таксама сцвярджае, што аўтары «антыбеларускіх рэзалюцыяў» хочуць «пакараць улады за паслядоўную абарону дзяржаўных інтарэсаў, за цвёрдае прытрымліванне абранаму народам курсу самастойнага развіцця, за тое, што беларусы аддалі перавагу навязанай дэмакратыі і хаосу ўласныя традыцыі і каштоўнасці, пакараць нас за тое, што краіна паспяхова развіваецца, за тое, што не раздзіраецца ўнутранымі грамадзянскімі і рэлігійнымі канфліктамі».
У слуханнях на сесіі Рады правоў чалавека ААН бярэ ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Як падкрэсліла юрыстка, сталае абмеркаванне сітуацыі ў нашай краіне «азначае, што пытанне правоў чалавека ў Беларусі і іх парушэнне рэжымам дагэтуль застаюцца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці і самой ААН».
Белсат
