01.03.2022 Kuznica Granica polsko-bialoruska fot. Andrzej Skwarczynski

15 кастрычніка ў Польшчы ў адзін дзень з выбарамі ў парламент пройдзе рэферэндум. На ім будзе ажно чатыры пытанні, адно з іх непасрэдна дытычыць Беларусі.

Трэцяе пытанне рэферэндуму гучыць у арыгінале так:

Czy popierasz likwidację bariery na granicy Rzeczypospolitej Polskiej z Republiką Białorusi?

(Ці падтрымліваеш ліквідацыю бар’еру на мяжы Польскай Рэспублікі з Рэспублікаю Беларусь?).

Агітацыйная кампанія афіцыйна распачнецца 29 верасня і будзе доўжыцца да 13 кастрычніка.

Іншыя пытанні тычацца распродажу замежным суб’ектам дзяржаўнай уласнасці, падвышэнню пенсійнага ўзросту і прыёму тысячаў мігрантаў, як прапануе Еўразвяз.

Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS) адрасуе пытанні рэферэндуму наўпрост лідару апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» (PO), былому прэм’ер-міністру Дональду Туску. «Закон і справядлівасць» заклікае галасаваць чатыры разы «не».

Апазіцыя ж не заклікае галасаваць «так» па ўсіх пунктах, а крытыкуе ўласна фармулёўкі і выбар пытанняў для рэферэндуму: прыкладам, прапануе спытаць пра грошы на Нацыянальны план адбудовы, якія Еўракамісія пагадзілася даць, але цяпер стрымлівае з-за прэтэнзій да судовай рэформы і вяршэнства права ў Польшчы.