Раптоўна памёр гарадзенец Дзяніс Швыркін.

42-гадовы грамадскі актывіст пакінуў радзіму пасля затрымання ў верасні. Ён выехаў за мяжу, а праз тыдзень не вытрывала сэрца.

Дзяніс Швыркін быў тым чалавекам, які ў Гародні агучваў патрабаванні народу ў час найбольш масавага пратэсту ў гісторыі Беларусі, 16 жніўня 2020 года.
Дзяніс Швыркін скончыў Беларускі інстытут правазнаўства і каля дзесяці гадоў адпрацаваў у МТС, дарос там да пасады кіраўніка дылерскіх сетак па Гарадзеншчыне. Потым перайшоў у фірму «Сэрвіс М Лагістык» на пасаду начальніка спачатку аддзела продажаў, а пазней — аддзела па працы з кліентамі. Фірма займаецца грузаперавозкамі па Еўропе і Беларусі. Нейкі час быў індывідуальным прадпрымальнікам, пасля чаго перайшоў на працу ў Wildberries.

У 2020-м мужчына ўвайшоў у гарадзенскую каманду Віктара Бабарыкі. У жніўні 2020-га Швыркіна абралі «кіраўніком каардынацыйнай рады грамадскасці Гародні».

Швыркін стаў сябрам аргкамітэту па стварэнні партыі «Разам», якую арганізоўвалі аднадумцы Віктара Бабарыкі.

У верасні гэтага году Швыркіна затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля яго выпусцілі, прысудзіўшы вялікі штраф. Пасля гэтага ён выехаў з Беларусі. Каля тыдня таму Дзяніс Швыркін перабраўся ва Уроцлаў. Літаральна за дзень да смерці ў фэйсбуку ён напісаў кранальны пост пра сваю змушаную эміграцыю.

Светлая памяць…