
У Беластоку каля помніка Ежы Папялушку позна ўвечары 25-га верасня прайшла чарговая акцыя салідарнасці з журналістам Анджэем Пачобутам ды іншымі палітзняволенымі ў Беларусі. На яе сабралася каля 40 чалавек.
Ужо традыцыйна вёў акцыю салідарнасці Ян Роман. Яўген Вапа нагадаў пра адказнасць польскіх і еўрапейскіх палітыкаў за вызваленне Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў. Марэк Занеўскі расказаў пра медычную сітуацыю з Пачобутам і ўмовы зняволення, Алесь Капуцкі прыгадаў пра Алеся Бяляцкага, дзень нараджэння якога якраз быў у гэты дзень, і дзейнасць праваабаронацаў. Анна Кетліньска распавяла пра сітуацыю з польскамоўнай адукацыяй на Гарадзеншчыне і па ўсёй Беларусі.








