
Летува пастанавіла будаваць плот на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю і Расеяй. Такое рашэнне ў МУС Летувы прынялі пасля нарады з іншымі зацікаўленымі ведамствамі (Міністэрствам навакольнага асяроддзя і Дзяржслужбай ахоўных тэрыторый), якая прайшла ў сераду, паведамляе Delfi.
Кіраўніца МУС Летувы Агне Білатайце распавяла, што атрымалася знайсці рашэнні, якія будуць “мінімальна шкодзіць прыродзе”. “Неабходныя дадатковыя меры па ахове межаў, паколькі толькі сёлета ў багністых мясцовасцях на мяжы з Беларуссю было папярэджана пранікненне каля 700 нелегальных мігрантаў, выяўлена 13 выпадкаў кантрабанды, — кажа міністр унутраных спраў. — Аднак мы робім гэта вельмі адказна, разам са спецыялістамі прыродааховы, ацэньваючы магчымае ўздзеянне на прыроду”.
Пра тое, што Летува можа пабудаваць плот нават на забалочаных участках на мяжы з Беларуссю, стала ведама ў сярэдзіне верасня. Была створана працоўная група для вывучэння такой магчымасці. На сёння плот і калючы дрот усталяваны летувісамі на 550 кіламетрах 679-кіламетровай мяжы з РБ. Застаецца больш за 120 кіламетраў мяжы ўздоўж рэк, азёр, балот. Там памежная зона кантралюецца камерамі відэаназірання і іншымі тэхнічнымі сродкамі.
