У Варшаве ў Беларускім доме ўвечары 26 верасня адкрылася выстава, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату прэміі міру, стваральніку праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Лідар праваабарончага руху Беларусі зараз знаходзіцца з шэрагам іншых вясноўцаў у зняволенні.

Асноўнымі арганізатарамі выставы выступілі Беларускі дом, Беларускае Радыё Рацыя і Маланка-медыя.

Выстава прысвечана паслядоўнаму змаганню Алеся Бяляцкага за беларускасць і правы чалавека з часу студэнцтва да сённяшніх дзён.

Адкрыццю выставы папярэднічала правакацыя – нехта напісаў праз мэйл у Галоўную камендатуру Варшавы, што ў Беларусім доме закладзена выбухоўка. Тэрыторыю вакол дома аглядала паліцыя, урэшце быў дадзены дазвол на правядзенне імпрэзы. Вечарына пачалася з 35-хвілінным спазненнем.

На вечарыне выступілі радны БНР і старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, кіраўнік Маланкі-медыя Павел Марыніч, дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч, а таксама музыкант-піяніст Пётр Клюеў. Удзельнікі імпрэзы праглядзелі таксама дакументальны фільм, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.

Прысутныя павіншавалі таксама прадстаўнікоў Беларускага дома з яго 12-годдзем.