25 верасня адбылося паседжанне галоўнай судзейскай калегіі і судзейска-тэхнічнай камісіі Беларускай федэрацыі гандбола (БФГ). На ім, апроч іншага, пастанавілі аштрафаваць гарадзенскі мужчынскі клуб «Кронан».

Прычына штрафу — «брак выявы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь на футболках брамнікаў № 1 і № 16 каманды „Кронан“».

Гарадзенскі клуб аштрафавалі на дзве базавыя велічыні – гэта значыць на 74 рублі. Парушэнне супрацоўнікі федэрацыі выявілі ў матчы «Кронана» з менскім СКА, які адбыўся 23 верасня.

Паведамляецца, што пры новым парушэнні правілаў экіпіроўкі да клуба будуць ужытыя больш суровыя санкцыі.