
Пры ўездзе ў Беларусь пасля абавязковай дэзынфекцыі кіроўцы транспарту будуць вымушаны набываць адмысловую электронную марку. Калі яе не будзе, машыну не пусцяць у Беларусь.
Гэтая марка будзе дзейнічаць разам са звычайнай маркай, якая выдаецца пасля працэдуры дэзынфекцыі. Такая мера прапісана ва ўказе Лукашэнкі, які быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
«Пры адсутнасці ў кіроўцы ці ўладальніка транспартнага сродку кантрольнай маркі або дзейснай электроннай кантрольнай маркі і адмове ў яе набыцці транспартны сродак не мае права ўезду ў Рэспубліку Беларусь», – гаворыцца ў дакуменце.
Для таго каб забяспечваць усіх кіроўцаў, якія перасякаюць мяжу і праходзяць дэзынфекцыю, электроннымі маркамі, прадпрыемства «БелГлобалГарант» (менавіта яно аказвае паслугу абавязковай дэзынфекцыі на мяжы) павінна стварыць і ўвесці ў дзеянне электронную інфармацыйную сістэму продажу і кантролю дзейнасці электронных марак.
Як вядома, з 1 верасня на ўсіх памежных пунктах Беларусі была ўведзеная абавязковая дэзынфекцыя транспарту. Вядома, што адным з уладальнікаў кампаніі «БелГлобалГарант», якая займаецца ажыццяўленнем працэдуры дэзынфекцыі, з’яўляецца набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец Сяргей Цяцерын. Ён таксама адзін з гульцоў у хакейнай камандзе Лукашэнкі. Гэтая ж кампанія займаецца будаўніцтвам і з’яўляецца адным з нешматлікіх імпарцёраў моцных алкагольных напояў у краіну.
Белсат
