
На Беларускай АЭС распачалося комплекснае выпрабаванне абсталявання другога энергаблоку, паведамляе Міністэрства энергетыкі Беларусі. Дазвол быў выдадзены напярэдадні «Дзяржатамнаглядам».
Гэтае выпрабаванне – апошні этап досведна-прамысловай эксплуатацыі другога энергаблоку. Цягам 15 сутак ён будзе працаваць у бесперапынным рэжыме на намінальнай магутнасці 100 %.
Выпрабаванне павінна пацвердзіць адпаведнасць тэхналагічных сістэмаў, асноўнага і дапаможнага абсталявання блоку праектным характарыстыкам і патрабаванням бяспекі.
8 верасня «Дзяржатамнагляд» правёў слуханні пра запуск другога энергаблоку АЭС у Астраўцы. Экалагічныя арганізацыі заклікалі прыпыніць усе працы прынамсі да часу, пакуль не будуць пераадоленыя праблемы з першым энергаблокам.
3 лістапада 2020 года адбылося першае ўключэнне першага энергаблоку АЭС у энергасістэму. Першае ўключэнне ў сетку другога энергаблоку адбылося 13 траўня 2023 года. Агулам станцыя за час актыўнасці выпрацавала 18,5 млрд кВт/ч.
Летува неаднойчы заклікала Беларусь прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Электрастанцыю прасілі не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць вырашаныя ўсе пытанні ядравай бяспекі.
Міністэрства замежных справаў Летувы накіравала Міністэрству замежных справаў Беларусі ноту. У дакуменце Вільня патрабуе ад Менску не эксплуатаваць другога энергаблоку, паколькі ядравая бяспека, экалагічныя стандарты і патрабаванні не выконваюцца.
