Асветнік, астраном, матэматык, педагог перыяду Рэчы Паспалітай Марцін Пачобут-Адляніцкі нарадзіўся 30 верасня 1728 года (паводле іншых звестак 30.10.1728) у мясцовасці Саламянка непадалёк Гародні.

Прадстаўнік шляхецкага роду Пачобутаў-Адляніцкіх гербу “Малая Пагоня”, сын Казіміра, гарадзенскага абознага і Алены з Глябовічаў. Навучаўся ў Гарадзенскім езуіцкім калегіуме, які скончыў у 1745 годзе. Насуперак волі бацькоў уступіў у ордэн езуітаў і адбыў у Вільні двухгадовы навіцыят. Пасля навучаўся на педагагічным курсе ў Слуцку, вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіуме, дзе таксама выкладаў у пачатковых класах. Атрымаў перавод у Вільню на пасаду выкладніка ў класе сінтаксісу, слухаў матэматычныя лекцыі Тамаша Жаброўскага.

У 1754 годзе выехаў у Прагу на дадатковае навучанне матэматыцы, грэцкай і лацінскай моваў. Аднак з-за еўрапейскай вайны змушаны вярнуцца ў Рэч Паспалітую праз два гады. Прайшоў 4-гадовы курс тэалогіі ў Віленскай акадэміі. Атрымаўшы ў 1761 годзе ступень бакалаўра тэалогіі, зноў выехаў за мяжу. Праходзіў астранамічную практыку ў абсерваторыях Марсэля, Авіньёна і Неапаля.

Пасля вяртання ў Вільню у 1764 годзе атрымаў тытул магістра філасофіі і свабодных навук, зрабіўся арганізатарам і першым дырэктарам Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 года працаваў прафесарам Віленскай езуіцкай акадэміі, якую ў 1780-ым рэарганізаваў у Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага. Быў яе рэктарам (1780-1803). Асноўнай справай Пачобута-Адляніцкага была арганізацыя сістэмы адукацыі ў ВКЛ паводле праграмаў Адукацыйнай камісіі. Быў сябрам-карэспандэнтам Лонданскага каралеўскага таварыства і Французскай акадэміі навук. Кавалер ордэнаў Святога Станіслава і Белага Арла. Сучаснікі адзначылі яго каласальную працу адмысловым медалём з партрэтам навукоўца.

Шыльда на будынку Віленскага ўніверсітэту

Пад кіраўніцтвам Пачобут-Адляніцкага ў астранамічнай абсерваторыі цягам больш як 30 гадоў вяліся даследзіны ў галіне астранамічнай навукі і практыкі, у тым ліку назіранні за зоркамі і планетамі Сонечнай сістэмы. Заснавальнік навуковай школы, у якую ўваходзілі аб’яднаныя вакол Віленскай абсерваторыі навукоўцы-астраномы Я. Сьнядэцкі, А. Стжэцкі, М. Глушневіч, П. Смыслоў, В. Карчэўскі і іншыя.

Выказваўся за неабходнасць далейшага пранікнення ў таямніцы Сусвету, якія могуць быць раскрытыя аб’яднанымі высілкамі многіх людзей. Падтрымліваў ідэю існавання мноства сусветаў, падзяляючы гіпотэзу пра іхную плянетарную будову. Зыходзячы з прызнання руху як неад’емнай уласнасці Сусвету, імкнуўся выявіць і прааналізаваць фізічную прыроду рэальных працэсаў, ператварыць кожную прызнаную гіпотэзу ў стройную тэорыю, закон. Падкрэсліваў, што новая ідэя ці гіпотэза павінна быць пацверджана практыкай. Найбольшы вынік далі ягоныя спробы вызначыць размяшчэнне Меркурыя. Яно было ўстаноўлена вельмі дакладна.

Пачобут-Адляніцкі вітаў прыняцце Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. Падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, ахвяраваў значныя сродкі на патрэбы паўстанцкага войска. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай нейкі час захоўваў сваё службовае становішча, але пагаршэнне адносінаў з расейскай уладай прывяло ў 1799 годзе да адстаўкі з пасады рэктара.

Зафіксаваны сімвалічны факт, што якраз у час апошняга Сойму Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ведамыя астраномы Марцін Пачобут-Адляніцкі і Ян Снядэцкі назіралі з тэрыторыі каралеўскай сядзібы Аўгустовак сонечнае зацьменне.

Памёр Адляніцкі 20 лютага 1810 году ў Дынабургу (Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія), паводле іншых звестак у Полацку.

Былы Полацкі езуіцкі калегіум, дзе таксама працаваў Пачобут-Адляніцкі

Адпявалі Пачобута-Адляніцкага ў Вільні, дзе пахаваны – невядома. У 1919 годзе яго імем назвалі абсерваторыю адноўленага ўніверсітэту імя Стэфана Баторага ў Вільні (“Дзядзінец Пачобута”). Імя гэтага астранома носіць адзін з кратэраў на Месяцы. На будынку Віленскага ўніверсітэту ёсць памятная шыльда. У Варшаве яго імем названа вуліца, на якой ёсць адмысловая табліца.