Вашай увазе рэгіянальны каляндар круглых і юбілейных датаў на кастрычнік 2023 году.

1 кастрычніка

Міжнародны дзень музыкі.

Міжнародны дзень сталых людзей.

135 гадоў таму (1888) – У в. Вялікія Шастакі (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Лукаш Дзекуць-Малей, беларускі грамадзкі і рэлігійны дзеяч.

120 гадоў таму (1903) – У в. Цараўцы (цяпер у межах Слуцку) нарадзіўся Аляксандар Яцэвіч (Алесь Змагар, памёр у штаце Флорыда ў 1995 г.), удзельнік Слуцкага паўстаньня, беларускі настаўнік, паэт, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, Аўстрыя, Францыя, ЗША). Працаваў у Лідзе і Шчучынскім раёне.

120 гадоў таму (1903) – У в. Базары (Смургонскі р-н) нарадзіўся Міхал Ляпеха (памёр у 1992 г. у Маладэчне, дзе і пахаваны), беларускі краязнавец, захавальнік сядзібы-музею Багушэвіча ў Кушлянах.

2 кастрычніка

Сусьветны дзень архітэктуры.

610 гадоў таму (1413) – Заключана Гарадзельская унія ВКЛ з Польшчай, якая надала беларуска-летувіскай шляхце палітычныя правы.

3 кастрычніка

175 гадоў таму (1848) – У мяст. Шарашова (Пружанскі р-н) памёр Міхал Баброўскі, беларускі вучоны-славіст. У 1824-26 гг. працаваў у Жыровічах.

4 кастрычніка

Сусьветны дзень аховы жывёл

5 кастрычніка

Сусьветны дзень настаўнікаў

565 гадоў таму (1458) – Нарадзіўся Сьвяты Казімір, сын вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрон Гарадзенскага біскупства.

260 гадоў таму (1763) – Памёр Аўгуст ІІІ, кароль Рэчы Паспалітай вялікі князь ВКЛ у 1733-66 гг.

85 гадоў таму (1938) – У Ашмяне пасьля зьбіцьця невядомымі ад інфаркту памёр Ян Цеханоўскі, беларускі педагог, дырэктар Наваградзкай гімназіі на пач. 1920-ых гг., пазьней працаваў у Ашмяне. Пахаваны на віленскіх Ліпаўскіх могілках.

6 кастрычніка

115 гадоў таму (1908) – У в. Скорычы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Алесь Мілюць, беларускі паэт.

7 кастрычніка

85 гадоў таму (1938) – У в. Вострава (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Валянцін Блакіт (сапр. Болтач), беларускі празаік, публіцыст, паэт.

9 кастрычніка

Сусьветны дзень пошты

11 кастрычніка

50 гадоў таму (1973) – У в. Сялец (Смургонскі р-н) нарадзіўся Віктар Абухоўскі, беларускі археолаг.

20 гадоў таму (2003) – У Смаргонях пачаліся двухдзённыя ўрачыстасьці, прысьвечаныя 500-годдзю гораду.

12 кастрычніка

625 гадоў таму (1398) – На востраве Салін (на Нёмане) была падпісана мірны дамова пра дапамогу паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам.

20 гадоў таму (2003) – У ноч на 12 кастрычніка ў в. Рандзілаўшчына (Дзятлаўскі р-н) згарэў Казлоўшчынскі дыспансэр-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых. Загінуў 31 чалавек, у тым ліку Віктар Дарашкевіч, беларускі літаратуразнавец, лацініст, культуролаг.

13 кастрычніка

135 гадоў таму (1888) – У засьценку Пунькі (Глыбоцкі р-н) нарадзіўся Язэп Драздовіч, беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, адзін з заснаваньнікаў нацыянальна-гістарычнага жывапісу. Працаваў настаўнікам у Наваградку.

15 кастрычніка

190 гадоў таму (1833) – У Флярэнцыі памёр Міхал Клеафас Агінскі, магнат, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, удзельнік паўстаньня 1794 г. Жыў у сваёй сядзібе ў Залесьсі (Смургонскі р-н).

16 кастрычніка

Сусьветны дзень харчаваньня

17 кастрычніка

130 гадоў таму (1893) – У Ваўкавыску нарадзіўся Павал Хоміч, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар.

19 кастрычніка

35 гадоў таму (1988) – У Менску былі ўтвораныя рэспубліканскае грамадзкае гісторыка-асьветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.

20 кастрычніка

Сусьветны дзень статыстыкі

Міжнародны дзень авіядыспетчара

Міжнародны дзень кухара

70 гадоў таму (1953) – У Маскве памёр Яўген Хлябцэвіч, беларускі бібліятэказнавец, літаратуразнавец, публіцыст, педагог. Нараджэнец Жыровічаў.

21 кастрычніка

145 гадоў таму (1878) – У Варшаве памёр Восіп Кавалеўскі, гісторык, філамат, адзін з заснаваньнікаў манголазнаўства. Нараджэнец Вялікай Бераставіцы.

22 кастрычніка

410 гадоў таму (1613) – У выніку пажару згарэла большая частка старажытнага Наваградку.

10 гадоў таму (2013) – У Гародні памёр Сяргей Габрусевіч, беларускі педагог, культуролаг, філосаф. Нараджэнец в. Верхаўляны (Бераставіцкі р-н). Пахаваны на могілках па прасп. Касманаўтаў.

23 кастрычніка

95 гадоў таму (1928) – У в. Хадзявічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Лаўрын Клыбік, дзеяч беларускай эміграцыі (Англія, Бельгія), медык, навуковец-фармацэўт.

25 кастрычніка

Міжнародны дзень школьных бібліятэк

27 кастрычніка

20 гадоў таму (2003) – Памёр Антось Савук, беларускі краязнавец, публіцыст. Жыў і працаваў у Лідзе.

10 гадоў таму (2013) – У Сьвіслачы і Якушоўцы грамадскасьць адзначыла 150-ыя ўгодкі з часу паўстаньня 1863 году.

28 кастрычніка

Міжнародны дзень анімацыі

29 кастрычніка

85 гадоў таму (1938) – У в. Малая Кракотка (Слонімскі р-н) нарадзіўся Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф.

30 кастрычніка

140 гадоў таму (1883) – У в. Лакцяны (Астравецкі р-н) нарадзіўся Янка Быліна (сапр. Ян Семашкевіч), беларускі каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, паэт.

31 кастрычніка

Міжнародныя дні гарадоў, эканоміі і Чорнага мора.

45 гадоў таму (1978) – Памёр Сава Сіўко (нар. у 1888 г. у Сенне пад Лючай), беларускі фатограф Любчанскага краю.

30 гадоў таму (1993) – У Гародні на доме па адрасе праспект Будаўнікоў-27, дзе жыў Міхась Ткачоў, адкрытая памятная дошка.