
Беларускі настаўнік, паэт, удзельнік Слуцкага паўстаньня, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, Аўстрыя, Францыя, ЗША) Аляксандар Яцэвіч, вядомы пад псеўданімам Алесь Змагар, нарадзіўся 1 кастрычніка 1903 года ў вёсцы Цараўцы (цяпер у межах Слуцку). Бацька яго быў вясковым фельчарам. Змагар брат па маці пісьменніка Янкі Золака (Антона Даніловіча, таксама вядомага дзеяча беларускай эміграцыі). Пасля сканчэння пачатковай народнай школы ў 1914 г. прадоўжыў вучобу ў Слуцкай класічнай гімназіі. Там пачаў пісаць па-беларуску. Друкаваў вершы ў гімназічным часопісе «Прамень», першы верш быў аднайменным. Перад рэвалюцыяй 1917 г. бацька купіў 24 дзесяціны зямлі, займаліся сельскай гаспадаркай.
У лістападзе 1920 г. Аляксандр разам з бацькам удзельнічаў у Слуцкім антыбальшавіцкім паўстанні, за што бацька Хведар Яцэвіч быў захоплены ў палон і расстраляны бальшавікамі, а Алесь засуджаны на 2 гады зняволення. Сядзеў у Слуцкай турме, зазнаў катаванні, холад і голад. Уцёк са зняволення перад расстрэлам. Быў нейкі час у лясах, потым пасля падзелу сямейнай маёмасці аддаў сваю частку саветам і атрымаў даведку аб «пралетарскасці». Прыехаў у Мінск. Здаў іспыты ў БДУ на выдатна, але на вучобу не прынялі, бо ня меў працы. Праз год усё ж паступіў, студэнтам жыў упрогаладзь. Дзякуючы дапамозе пісьменніка Рыгора Мурашкі, Змагару ўдалося пазбегнуць пераследу ўладаў. У 1925-30 гг вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Мінскага педагагічнага існстутута. Пасля сканчэння вучобы настаўнічаў на станцыі Радашковічы. У 1930 г. арыштавалі сям’ю і выслалі за Урал, давялося Алесю хавацца. Цудам уцёк ад НКВД, выехаў на Каўказ, потым на Кубань, пасля на Данбас. Там трапіў у кавалерыйскі полк, дэмабілізаваўся ў лістападзе 1932 г. і выехаў у Мінск, у 1934 г. пераехаў у Кіеў. Вывучаў там на курсах хімію і мікрабіялогію. Ратуючыся ад НКВД, пераязджаў – зноў у Мінск, потым зноў на Каўказ, У Нальчык.
Са жніўня 1941 г. зноў у Мінску. У час нямецкай акупацыі Алесь Змагар працаваў журналістам у рэдакцыі «Беларускай газеты». Потым настаўнічаў, быў інспектарам беларускіх школ у Радашковіцкім, Лідскім, Шчучынскім паветах. Як паэт і публіцыст актыўна выступаў на старонках друку. Удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса, які прайшоў у Мінску 27 чэрвеня 1944 года. У 1944 г. выехаў з Беларусі. Жыў у Аўстрыі, дзе браў удзел у арганізацыі беларускіх школ. 14 лютага 1948 г. у аўстрыйскім горадзе Рыд на сходзе беларусаў лагеру для перамешчаных асоб было закладзена Згуртаваньне Беларусаў у Аўстрыі, яго першым старшынём стаў якраз Аляксандар Яцэвіч.
З 1949 года Алесь Змагар жыў ў Францыі, уваходзіў у склад Рады БНР, выконваў абавязкі першага сакратара Рады БНР, кіраўніка французскай секцыі Рады. Узначальваў эмігранцкую арганізацыю «Беларускі вызвольны рух», удзельнічаў у выданні часопіса «Баявая ўскалось» і «За волю». У 1956 годзе эміграваў у ЗША. Жыў у Кліўлэндзе, дзе выдаваў газету «Незалежная Беларусь». Быў старшынём Галоўнай управы Беларускага вызвольнага руху. Апошнія гады правёў у штаце Флорыда. Найбольш значныя творы і кнігі Алеся Змагара: «Вызвольныя шляхі» (1965), «Да згоды: Вершы» (1962), «Дзень Маці: П’еска» (1964), «Змагарны шлях» (1962), «Лесавіка: Апавяданьні» (1973), «Мае ўспаміны» (1985), «Рэпка: Казачны абразок» (1946), «Случчакі: Апавяданьне» (1947), «Случчына ў вагні: Раман у 4-х квадрах» (1986).
Памёр Алесь Змагар у штаце Флорыда ў 1995 годзе.
