
Паездка футбалістаў “Нёмана” ў Кітай адменена “з-за тэхнічных нюансаў”, паведамляе sport5.by. У КНР мусіў адбыцца вучэбна-трэніровачны збор гродзенцаў з 2-3 спарынгамі. Адным з сапернікаў магла стаць алімпійская зборная Кітая.
“Нёман” у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе вядзе змаганне за золата з менскім “Дынамам”, адстае на тры ачкі. Таму паездка “пачаткова выклікала пытанні”, бо “падвойная акліматызацыя наўрад ці дадавала б шанцаў камандзе”.
Пра планы “Нёмана” паехаць у Кітай стала вядома ў верасні. Усе выдаткі на сябе нібыта бралі кітайцы. Сам клуб гэтую інфармацыю не пацвярджаў. Як пісала “Трыбына”, з прапановай паехаць на зборы ў далёкую краіну ў клуб звяртаўся нейкі бізнесмен з Расеі, які “мае пэўны ўплыў у футболе на постсавецкай прасторы і ў азіяцкім рэгіёне”. Відаць, гэта была выключна прыватная ініцыятыва. Паездка планавалася на 8-16 кастрычніка.
Еўрарадыё
