
Чыпаванне сабак і катоў можа стаць у Беларусі абавязковым. І напэўна стане, бо такая норма ўжо ёсць у праекце закона “Аб адказным абыходжанні з жывёламі”. Дакумент ужо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, а яго тэкст з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. На гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.by.
У законапраекце гаворыцца, што гаспадар сабакі ці кошкі павінен будзе чыпаваць хатняга гадаванца цягам 14 дзён з дня набыцця (калі гэта не было зроблена раней). Абавязак чыпаваць шчанюкоў і кацянят прапісаная і для ўладальнікаў гадавальнікаў і заводчыкаў: яны павінны гэта зрабіць, калі не здолелі рэалізаваць жывёл да дасягнення жывёлам 4 месячнага ўзросту. Тэрмін той жа — 14 дзён.
Парадак чыпавання, а таксама стварэння, вядзення і выкарыстання банка даных чыпаваных жывёл павінен вызначыць Саўмін. Пры гэтым трымаць дома не чыпаваных жывёл будзе забаронена. Аднак калі жывёла была зарэгістравана ва ўладальнікаў да прыняцця закона, то праходзіць гэтую працэдуру неабавязкова.
