
У Гародні ў сярэдняй школе №28 6 кастрычніка прайшла цырымонія адкрыцця “военно-патриотического” клуба “Фаворит”. Школа гэтая носіць імя савецкага маршала Сакалоўскага і надзвычай мілітарызавана за апошнія гады. Дырэктаркай установы доўгі час была небезвядомая Елена Олехнович, якая ўзначальвала розныя выбарчыя камісіі ў школе, а па сумяшчальніцтве была “дэпутаткай” гарадзенскага гарадскога савету. Аднак год таму Аляхновіч загадкава знікла з “радараў” і ідэалагічных пляцовак. Паводле неафіцыйных крыніц яна выехала на сталы побыт у ЗША да свайго сына. Аднак надалей застаецца дэпутаткай гарсавету і паводле афіцыйных крыніц вядзе прыём выбарцаў. Дырэктаркай жа школы стала яе сваячка, раней настаўніца, а потым завуч, Марына Якімовіч.
Курс жа школы №28 на мілітарызацыю і русіфікацыю цвёрда захаваўся, што яскрава адлюстравана і ў дзень адкрыцця прарасейскага “патриотического” клуба. Яго асвяціў у дзень адкрыцця і протаірэй РПЦ. Адкрыццё ж клубу прайшло ў стылі кітайска-паўночна-карэйскіх таварышаў.
Паведамляецца, што “командиром 1-го зенитного ракетного полка, полковником Дмитрием Садовским, учащимся было вручено Знамя клуба, после чего ребята дали торжественную клятву, получили удостоверения и значки военно-патриотического клуба. В ряды клуба вступило 34 учащихся 8-11 классов”.




