Беларускі паэт Алесь Мілюць нарадзіўся 6 кастрычніка 1908 году ў вёсцы Скорычы (Карэліцкі раён)

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў два класы пачатковай школы, займаўся самаадукацыяй. Пасля вызвалення родных мясцін (1944) пайшоў у Чырвоную Армію. Загінуў на фронце ва Усходняй Прусіі 26 кастрычніка 1944 году.

Друкаваўся з 1928 года ў заходнебеларускіх левых і рэвалюцыйных газетах і часопісах, з 1939 — у стаўбцоўскай раённай газеце. Асноўныя матывы творчасці — пратэст супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці («Бярозы»), заклік да грамадзянскай актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення («Мой ідэал», «Покліч»), апяванне хараства роднага краю («Вясною»), пасля 1939 услаўляў у вершах і артыкулах новае сацыялістычнае жыццё[1]. Асобныя вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990).